Родны склон
Ро́дны склон, геніты́ў (лац.: genitivus, genetivus) — адзін з ускосных склонаў, у мовах свету звычайна выказвае прыналежныя адносіны, а таксама мае цэлы шэраг іншых функцый. Гэтым ён адрозніваецца ад прыналежнага склону (пасесіва), які выказвае толькі прыналежнасць. Тэрмін «родны» ўзыходзіць да старажытнагрэчаскай традыцыі, дзе пры дапамозе яго паказвалася імя бацькі (аднаго з бацькоў): «(сын) такога».
Родны склон у славянскіх і балтыйскіх мовах з’явіўся ў выніку зліцця індаеўрапейскага генітыва і індаеўрапейскага аблятыва, і захоўвае як канчатак, так і функцыі апошняга, калі ўжываецца ў значэнні зыходнага пункта руху з прыназоўнікамі з, ад.
Сінтаксічная роля
[правіць | правіць зыходнік]Родны склон выступае як дапаўненне і можа абазначаць[1]:
- частку ад цэлага: метр шоўку;
- аб’ект дзеяння: будаўніцтва дарогі;
- аб’ект пры адмаўленні: не вярнуць часопіса;
- адносіны асобы да іншай асобы або да калектыву: дэкан факультэта;
- аб’ект часовага карыстання: папрасіць кнігі;
- прыналежнасць чаго-небудзь, каго-небудзь: паліто маці;
- прастору: чакаць каля школы;
- мэту дзеяння: спяваць для радасці.
Назоўнікі ў форме роднага склону могуць выкарыстоўвацца як з прыназоўнікамі, так і без іх[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 259—260. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
| Беларуская назва | Лацінская назва | Пытанне |
|---|---|---|
| Назоўны | Намінатыў | хто? што? |
| Родны | Генітыў | каго? чаго? |
| Давальны | Датыў | каму? чаму? |
| Вінавальны | Акузатыў | каго? што? |
| Творны | Інструментатыў, аблятыў | кім? чым? |
| Месны | Прэпазітыў, лакатыў | аб кім? аб чым? |
| Клічная форма | Вакатыў | о! |