Мэдыцына

Мэдыцы́на (па-лацінску: Medicina) — вобласьць навуковай і практычнай дзейнасьці па дасьледаваньні нармалёвых і паталягічных працэсаў у арганізме чалавека, розных захворваньняў і паталягічных станаў, па захаваньні і ўмацаваньні здароўя людзей. Да сучаснай мэдыцыны адносіцца ня толькі навука здароўя, біямэдычныя дасьледаваньні і выкарыстаньне мэдычнай тэхнікі для дыягностыкі і лячэньня траўмаў і хваробаў, як правіла, з дапамогай лекаў альбо хірургічнага ўмяшаньня, але і такія віды тэрапіі, як псыхатэрапія, накладаньне шынаў, пратэзаваньне, біяпрэпараты, іянізуючае апраменьваньне і іншыя. Слова мэдыцына паходзіць ад лацінскага medicina, што перакладаецца як «мастацтва вылячэньня»[1].
Мэдыцына існуе некалькі тысячаў гадоў, на працягу большай часткай гісторыі мэдыцына ня мела навуковага базісу і часьцяком абапіралася на сувязь з рэлігійнымі і філязофскімі перакананьнямі мясцовай культуры. Напрыклад, старажытныя шаптуны ўжывалі травы для лячэньня хворага і прачытвалі малітвы за вылячэньне, або старажытныя філёзафы ўжывалі крывяпуск у адпаведнасьці з тэорыямі гумарызму. У апошнія стагодзьдзі, са зьяўленьнем сучаснай навукі, мэдыцына стала ў нейкай ступені спалучэньнем мастацтва і навукі. У той час як хірургічная тэхніка па сутнасьці зьяўляецца мастацтвам, якое базуецца на практыцы, веданьне таго, што адбываецца на вузавым і малекулярным узроўні ў тканках, узьнікае праз навуку.
Форма мэдыцыны, якая мела месца да навуковага падыходу, цяпер вядомая як традыцыйная або народная мэдыцына. Яна па-ранейшаму шырока выкарыстоўваецца разам або замест навуковай мэдыцыны. Напрыклад, зьвесткі пра эфэктыўнасьць акупунктуры зьяўляюцца зьменлівымі і непасьлядоўнымі[2], але, як правіла, гэтая працэдура зьяўляецца бясьпечнай, калі зроблена адпаведным чынам падрыхтаваным практыкам[3]. У адрозьненьне ад гэтага, лячэньне за межамі межаў бясьпекі і эфэктыўнасьці называецца ашуканствам.
Нягледзячы на тое, што мэдычныя тэхналёгіі і клінічны досьвед гуляе першарадную ролю ў сучаснай мэдыцыне, пасьпяховае вылячэньне працягвае патрабаваць ад лекара праяваў звычайных чалавечых пачуцьцяў і спачуваньня, вядомага як мэдычная тактоўнасьць[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Антычнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Антычная мэдыцына стасуецца мэдычных практык розных цывілізацыяў ажно да Сярэднявечча. Гісторыя старажытнай мэдыцыны ахоплівае вывучэньне разнастайных практык, ад зельля да больш складаных хірургічных мэтадаў. Старажытныя лекары верылі, што хваробы і захворваньні выклікаюцца прыроднымі або звышнатуральнымі сіламі, і іхныя мэтады лекаваньня часта ўлучалі элемэнты магіі і рэлігійных рытуалаў.
Старажытны Эгіпет
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У Старажытным Эгіпце мэдыцынай займаліся жрацы, якія выкарыстоўвалі магічныя загаворы, абярэгі і лекавыя расьліны дзеля лекаваньня розных хваробаў[5][6].
Папірус Эбэрса, які датуецца блізу 1550 году да н. э., ёсьць адным з найстарэйшых вядомых мэдычных тэкстаў і зьмяшчае інфармацыю пра больш чым 800 лекавых расьлінаў, хірургічныя мэтады і мэтады лекаваньня ад розных хваробаў. Эгіпцяне выкарыстоўвалі розныя лекавыя расьліны, як то алоэ вера, ладан і Commiphora myrrha, а таксама прадукты жывёльнага паходжаньня, як то мёд і малако, дзеля вырабу лекаў. Яны таксама распрацавалі хірургічныя мэтады, у тым ліку трэпанацыю чэрапа, упраўку костак і ампутацыі[7].
Папірус Эдўіна Сьміта, які датуецца блізу 1600 году да н. э., ёсьць яшчэ адным важным мэдычным тэкстам, які зьмяшчае інфармацыю пра хірургічныя мэтады, у тым ліку лекаваньне пераломаў і траўмаў галавы і хрыбетніка. Папірусны тэкст напісаны гератычным шрыфтам і ў дэталях апісвае анатамічныя назіраньні і абсьледаваньні, дыягностыку, лекаваньне і прагноз 48 тыпаў мэдычных праблемаў, апісваючы выкарыстаньне шынаў і бінтоў дзеля зьнерухаўленьня пашкоджаных канцавінаў, зашываньня ранаў швом, прафіляктыкі і лекаваньне інфэкцыяў мёдам і цьвілым хлебам, спыненьня крывацёку і імабілізацыі траўмаў галавы і млеча[8][9].
Старажытная Грэцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Старажытная Грэцыя вядомая сваім значным унёскам у разьвіцьцё мэдыцыны. Грэцкага лекара Гіпакрата часта называюць бацькам сучаснай мэдыцыны, бо ён надаваў увагу назіраньням, дыягностыцы і лекаваньню хваробаў. Гіпакрат меркаваў, што хваробы маюць натуральныя прычыны, і падкрэсьліваў неабходнасьць вызначэньня прычыны хваробы праз комплекснае назіраньне за сымптомамі і ладам жыцьця хворага. Ён таксама вылучаў важнасьць здаровага харчаваньня і фізычных практыкаваньняў дзеля падтрыманьня здароўя. Гіпакрат і ягоныя пасьлядоўнікі ўклалі «Гіпакратавы корпус», дзе зьмясьцілі свае мэдычныя веды ў форме зборніку тэкстаў, якія ўлучаў трактаты на тэму мэдычнай этыкі, мэдычнай тэорыі, паталёгіі, дыеталёгіі, тэрапіі, хірургіі, бабіньня і гінэкалёгіі, пэдыятрыі і хваробаў вока. Трактаты навукоўца па хірургіі зрабілі значны ўплыў на далейшае разьвіцьцё хірургіі і артапэдыі, а некаторыя прынцыпы, закладзеныя Гіпакратам у «Аб пераломах» і «Аб суставах», выкарыстоўваюцца дасюль[10][11][12].
Грэцкая мэдыцына знаходзілася пад уплывам дасьледаваньняў ранейшых цывілізацыяў, як то Эгіпту і Мэсапатаміі, але яна таксама зрабіла ўласны ўнёсак у існыя мэдычныя веды. Грэцкія лекары, як то Гален, зрабілі важны ўнёсак у галіне анатоміі і фізыялёгіі. Гален, чые веды грунтаваліся на вучэньнях Гіпакрата, распрацаваў новыя хірургічныя мэтады, у тым ліку працэдуры выдаленьня камянёў з мачавіка і правядзеьння трахэатаміі. Ён таксама шмат пісаў пра анатомію і фізыялёгію, апісваючы функцыі сэрца, лёгкіх і крывяноснай сыстэмы. Працы Галена заставаліся ўплывовымі цягам усяго Сярэднявечча і Адраджэньня[13][14].

Грэцкая мэдыцына таксама выкарыстоўвала лекавыя расьліны і травы дзеля лекаваньня розных захворваньняў. Грэцкі лекар, які таксама служыў у рымскім войску, Дыяскарыд, склаў пяцітомны збор кніг пад назвай «De Materia Medica» паміж 50 і 70 гадамі нашай эры, у якіх падрабязна апісаў больш за 600 расьлінаў і іхныя лекавыя ўласьцівасьці, а таксама некаторыя жывёльныя і мінэральныя рэчывы і каля 1000 лекаў, вырабленых зь іх. «De Materia Medica» была перакладзеная на многія мовы і шырока выкарыстоўвалася ў мэдыцыне ва ўсім сьвеце цягам наступных 1700 гадоў, што робіць яе адной з самых карыстаных кніг па прыродазнаўстве і фармакалёгіі ў гісторыі[15][16][17].
Старажытны Рым
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Рымская імпэрыя таксама зрабіла значны ўнёсак у сфэру мэдыцыны, абапіраючыся на дасягненьні папярэднікаў, як то Грэцыі і Эгіпту[18]. Сярод найбольш вядомых лекараў былі Гален, Дыяскарыд, Саран, Руф і Арыбазюс, якія вывучалі мэдыцыну ў Грэцыі[19][20].
Рымская мэдыцына таксама дасягнула посьпехаў у хірургіі, асабліва ў гаеньні ранаў і пераломаў. Рымскія хірургі выкарыстоўвалі розныя хірургічныя інструмэнты, у тым ліку скальпэлі, шчыпцы і рэтрактары, і добра валодалі такімі мэтадамі, як накладаньне швоў і прыпяканьне[21]. Акрамя дасягненьняў у мэдыцыне, рымляне таксама надавалі прыярытэт грамадзкаму здароўю і санітарыі. Яны будавалі грамадзкія лазьні і аквэдукі, каб забясьпечыць доступ да чыстай вады, а таксама стваралі грамадзкія шпіталі для догляду за хворымі і параненымі[22].
Старажытны Кітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Практыка традыцыйнай кітайскай мэдыцыны налічвае больш за 2 тысячы гадоў і застаецца важнай часткай сучаснай мэдычнай практыкі ў Кітаі і іншых частках сьвету[23]. Яна грунтуецца на ідэі, што цела ёсьць складанай сыстэмай узаемапавязаных частак, і што хваробы выклікаюцца парушэньнем балянсу гэтых частак. У Старажытным Кітаі лекары распрацавалі складаную сыстэму дыягностыкі і лекаваньня, заснаваную на прынцыпах Інь і Ян і пяці элемэнтаў (у-сін)[24]. Адным з найважнейшых паняткаў у кітайскай мэдыцыне ўвадаецца цы, якая стасуецца да жыцьцёвай энэргіі, якая прасякае цела. Прыхільнікі гэтай практыкі лічаць, што хваробы і захворваньні парушаюць плыню цы, і што аднаўленьне гэтага балянсу неабходнае для добрага здароўя. У Кітай традыцыйны выкарыстоўваліся розныя мэтады акрыяньня, у тым ліку іголкаўколваньне, фітатэрапія і дыетычная тэрапія. Іголкаўколваньне прадугледжвае ўторкваньне тонкіх іголак у пэўныя кропкі на целе дзеля аднаўленьня плыні цы. Фітатэрапія выкарыстоўвае камбінацыю натуральных прадуктаў, як то карані, лісьце і кару, дзеля лекаваньня розных захворваньняў. Дыетычная тэрапія таксама ёсьць важнай часткай традыцыйнай трыдыцыйная кітайскай мэдыцыны і падкрэсьлівае важнасьць збалянсаванага і здаровага харчаваньня дзеля падтрыманьня добрага здароўя[25].
Яшчэ адною важнай часткай кітайскай традыцыі ёсьць выкарыстаньне мануальнай тэрапіі, як то масаж, што паляпшае кровазварот і робіць зьняцьцё болю. Гэтыя мэтады часта выкарыстоўваюцца ў спалучэньні зь іншымі мэтадамі з мэтай комплекснага падыходу да акрыяньня[26]. Агулам, акцэнт на цэласным і індывідуальным лекаваньні зрабіў кітайскую мэдыцыну прывабнай альтэрнатывай мэдычным падыходам, распрацаваным у іншых частках сьвету[27].
Старажытная Індыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэдычная практыка ў Старажытнай Індыі шчыльна павязаная з разьвіцьцём Аюрведы, то бок старажытнай сыстэмы, якой больш за 5 тысяч гадоў. Аюрведа палягае на ідэі, што цела складаецца з трох асноўных энэргіяў. Лічыцца, што гэтыя энэргіі кіруюць рознымі функцыямі і працэсамі ў арганізьме. Аюрведычная мэдыцына падкрэсьлівае важнасьць балянсаваньня гэтых энэргіяў для падтрыманьня добрага здароўя і прафіляктыкі хваробаў. Гэта дасягаецца шляхам спалучэньня практыкі ладу жыцьця, як то дыета і фізычныя практыкаваньні, а таксама выкарыстаньня зельля, мінэралаў ды іншых натуральных прадуктаў[28]. Адным з найважнейшых тэкстаў у Аюрведах ёсьць «Чарака Самгіта», то бок поўны дапаможнік па аюрведычнай мэдыцыне, які ахоплівае шырокі спэктар тэмаў, у тым ліку анатомію, фізыялёгію, дыягностыку і лекаваньне. Гэтая праца таксама зьмяшчае падрабязныя апісаньні рознага зельля і мінэралаў ды іхняга выкарыстаньня ў мэдыцыне[29].
Аюрведычная мэдыцына таксама падкрэсьлівае важнасьць масажу і іншых мэтадаў мануальнай тэрапіі дзеля паляпшэньня агульнага стану здароўя і самаадчуваньня. Лічыцца, што гэтыя працэдуры паляпшаюць крывазварот і здымаюць боль. Яшчэ адным важным аспэктам аюрведычнай мэдыцыны ёсьць практыка ёгі і мэдытацыі дзеля паляпшэньня фізычнага і псыхічнага стану. Лічыцца, што гэтыя практыкі дапамагаюць збалянсаваць энэргіі і палепшыць здароўе[28][30]. Аюрведычная мэдыцына ўсьцяж заставацца важнай часткай мэдычнай практыкі ў Індыі, а таксама пашырылася на іншыя часткі сьвету.
Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Канцэпцыя лякарні як установы, якая прапануе мэдычную дапамогу і магчымасьць лекаваньня пацыентаў згодна з ідэаламі хрысьціянскай міласэрнасьці, а ня проста месца для сьмерці, зьявілася ў Бізантыйскай імпэрыі[31]. Не зважаючы на тое, што канцэпцыя ўрынаскапіі была вядомая Галену, ён ня бачыў важнасьці ейнага выкарыстаньня дзеля дыягназаваньня хваробы. Менавіта пры бізантыйцах, дзякуючы такім лекарам, як Тэафіл Пратаспатарыюс, яны ўсьвядомілі патэнцыял урынаскапіі дзеля вызначэньня хваробы на той час, калі не існавала ані мікраскопа, ані стэтаскопа. Гэтая практыка ў рэшце рэшт распаўсюдзілася на астатнюю частку Эўропы[32].
Пасьля 750 году н. э. у мусульманскім сьвеце працы Гіпакрата, Галена і Сушруты былі перакладзеныя на арабскую мову, а ісламскія лекары заняліся некаторымі значнымі мэдычнымі дасьледаваньнямі. Сярод вядомых піянэраў ісламскай мэдыцыны быў пэрсыдзкі мысьляр Авіцэна, якога разам з Імхатэпам і Гіпакратам таксама называюць бацькам мэдыцыны[33]. Ён напісаў «Канон мэдыцыны», які стаў стандартным мэдычным падручнікам у многіх сярэднявечных эўрапейскіх унівэрсытэтах[34], які ўважаецца за адную з самых вядомых кніг у гісторыі мэдыцыны. Сярод іншых лекараў вылучаюцца Абулькасіс[35], Авэнзоар[36], Ібн аль-Нафіс[37], і Авэроэс[38]. Пэрсыдзкі лекар Разэс[39] быў адным зь першых, хто паставіў пад сумнеў грэцкую гумаральную тэорыю, якая, тым ня менш, заставалася ўплывовай як на сярэднявечную заходнюю, гэтак і на сярэднявечную ісламскую мэдыцыну[40]. Некаторыя тамы працы Разэса «Аль-Мансуры», а менавіта «Аб хірургіі» і «Агульная кніга па тэрапіі», сталі часткай мэдычнай праграмы ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Акрамя таго, яго называюць доктарам усіх лекараў[41], бацькам пэдыятрыі[39][42] і піянэрам афтальмалёгіі. Напрыклад, ён першым распазнаў рэакцыю зрэнкі вока на сьвятло[42]. Пэрсыдзкія больніцы-бімарыстаны былі адным зь першых прыкладаў дзяржаўных шпіталяў[43].
У Эўропе Карл Вялікі пастанавіў, што да кожнай катэдры і кляштара мусіць быць прымацаваны шпіталь, а гісторык Джэфры Блэйні параўнаў дзейнасьць Каталіцкай царквы ў сфэры аховы здароўя ў Сярэднявеччы з раньняй вэрсіяй сацыяльнай дзяржавы. Царква забясьпечвала насельніцтва ежай падчас голаду і раздавала ежу бедным. Гэтую сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня царква фінансавала за кошт збору падаткаў у вялікіх маштабах і валоданьня вялікімі сельскагаспадарчымі ўгодзьдзямі і маёнткамі. Бэнэдыктынскі ордэн быў вядомы тым, што стварэньнем шпіталяў і лязарэтаў у сваіх манастырах, вырошчваньнем лекавых траваў і тым, што ён стаў галоўным пастаўніком мэдычнай дапамогі ў сваіх раёнах, як у вялікім абацтве Клюні. Царква таксама стварыла сетку катэдральных школак і ўнівэрсытэтаў, дзе пільна вывучалася мэдыцына. Гэтак мэдычная школа ў Салерна, абапіраючыся на веды грэцкіх і арабскіх лекараў, стала найлепшай мэдычнай школай у сярэднявечнай Эўропе[44].
Аднак пошасьць чумы ў XIV і XV стагодзьдзях спустошыла як Блізкі Ўсход, гэтак і Эўропу. У раньні Новы час у Эўропе зьявіліся новыя постаці ў сфэры мэдыцыны і анатоміі, як то Габрыеле Фалёпіё і Ўільям Гарвэй. Асноўным зрухам у мэдычным мысьленьні сталася паступовая адмова, асабліва падчас пошасьці Чорнай сьмерці ў XIV і XV стагодзьдзях, ад таго, што можна назваць падыходам да навукі і мэдыцыны, які грунтуецца на прынцыпах «традыцыйнага аўтарытэту». Такія лекары, як то Андрэас Вэзаліюс, удасканалілі або абверглі некаторыя тэорыі мінулага. Уласна ён быў аўтарам працы «De humani corporis fabrica», важнай кнігі па анатоміі чалавека[45]. Бактэрыі і мікраарганізмы былі ўпершыню назіраныя пад мікраскопам Антоні ван Леэўвэнгукам у 1676 годзе, што паклала пачатак мікрабіялёгіі[46]. Незалежна ад Ібн аль-Нафіса, Мігель Сэрвэт пераадкрыў лёгачны крывазварот. Гэтае адкрыцьцё было ўпершыню зафіксавана ў «Парыскім рукапісу»[47] ў 1546 годзе, а пазьней апублікаванае ў тэалягічнай працы, за якую ён заплаціў сваім жыцьцём у 1553 годзе. Пазьней гэта апісалі Рэальда Калёмба і Андрэа Чэзальпіна. Гэрмана Бургаавэ часам называюць бацькам фізыялёгіі дзякуючы ягонаму ўзорнаму выкладаньню ў Лейдэнскім унівэрсытэце і падручніку «Institutiones medicae» (1708). П’ера Фашара называюць бацькам сучаснай стаматалёгіі.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вэтэрынарыя ўпершыню сапраўды паўстала ў 1761 годзе, калі францускі вэтэрынар Клёд Буржэля заснаваў першую ў сьвеце вэтэрынарную школу ў Ліёне. Да гэтага лекары займаліся лекаваньнем як людзей, гэтак і жывёлаў.

Сучасныя навуковыя біямэдычныя дасьледаваньні пачалі замяняць раньнія заходнія традыцыі, якія да таго палягалі толькі на лекаваньні зельлем, грэцкіх чатырох гумарах і іншых падобных дасучасных уяўленьнях. Сучасная эпоха мэдыцыны пачалася з адкрыцьця Эдўардам Джэнэрам вакцыны супраць воспы ў канцы XVIII стагодзьдзя, натхнёнай мэтадам варыяляцыі, які ўзьнік у Старажытным Кітаі[48], адкрыцьцяў Робэрта Коха каля 1880 году ў перадачы хваробаў бактэрыямі, а затым адкрыцьця антыбіётыкаў каля 1900 году. Час мадэрнізму пасьля XVIII стагодзьдзя прынёс больш прарыўных дасьледнікаў з Эўропы. Зь Нямеччыны і Аўстрыі значны ўнёсак зрабілі дактары Рудольф Вірхаў, Вільгэльм Конрад Рэнтген, Карл Ляндштайнэр і Ота Лёві. У Вялікабрытаніі важнымі былі працы Аляксандра Флемінга, Джозэфа Лістэра, Фрэнсіса Крыка і Флорэнс Найтынгейл. Гішпанскі лекар Сант’яга Рамон-і-Кахаль уважаецца за бацьку сучаснай нэўралёгіі.
Зь цягам разьвіцьця навукі і тэхналёгіяў мэдыцына стала больш залежыць ад лекаў. Да гэтага часу ажно да канца XVIII стагодзьдзя ў якасьці лекаў выкарыстоўваліся зельле альбо кампанэнты жывёльнага паходжаньня[49]. Фармакалёгія часткова паўстала зь лекаваньня травамі, і дагэтуль некаторыя лекі вырабляюцца з расьлінаў, як то атрапін, эфэдрын, варфарын, асьпірын, дыгаксін ды іншыя лекі[50]. Вакцыны паўсталі дзякуючы Эдўарду Джэнэру і Люі Пастэру. Першым антыбіётыкам быў арсфэнамін, які быў вынайдзены Паўлем Эрліхам у 1908 годзе пасьля таго, як ён заўважыў, што бактэрыі паглынаюць таксычныя фарбавальнікі, у адрозьненьне ад вузаў чалавека. Першай буйной клясай антыбіётыкаў былі сульфаніламідныя прэпараты, здабытыя нямецкімі хімікамі першапачаткова з азафарбавальнікаў.
Фармакалёгія робіцца ўсё больш складанай. Сучасныя біятэхналёгіі дазваляюць распрацоўваць лекі, накіраваныя на пэўныя фізыялягічныя працэсы, часам распрацаваныя дзеля сумяшчальнасьці з арганізмам, каб зьменшыць нядобрыя наступствы. Геноміка і веды аб генэтыцы і эвалюцыі чалавека робяць усё больш значны ўплыў на мэдыцыну, паколькі гены, якія выклікаюць большасьць монагенных генэтычных захворваньняў, цяпер ідэнтыфікаваныя, а распрацоўка мэтадаў малекулярнай біялёгіі, эвалюцыі і генэтыкі ўплывае на мэдычныя тэхналёгіі, практыку і прыняцьцё рашэньняў. Сёньня мэдыцына рухаецца ў кірунку стварэньня найбольш эфэктыўных альгарытмаў практыкі з дапамогай выкарыстаньня сыстэматычных аглядаў і мэтааналізу. Гэтаму спрыяе сучасная глябальная інфармацыйная навука, якая дазваляе зьбіраць і аналізаваць як мага больш дасяжных зьвестак у адпаведнасьці з стандартнымі пратаколамі, якія затым распаўсюджваюцца сярод мэдычных работнікаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ «Medicine». Online Etymology Dictionary.
- ↑ Colquhoun, D; Novella S (2013). «Acupuncture is a theatrical placebo: the end of a myth». Anesthesia & Analgesia. 116 (6): 1360—1363.
- ↑ «Acupuncture». National Cancer Institute.
- ↑ Culliford, Larry (December 2002). «Spirituality and clinical care (Editorial)». British Medical Journal 325 (7378): С. 1434—1435.
- ↑ da Silva Veiga, Paula Alexandra Health and Medicine in Ancient Egypt: Magic and science: Magic and science. — Ann Arbor, MI: University of Michigan Press. — ISBN 978-1-4073-0500-4
- ↑ Zucconi, Laura M.. Medicine and Religion in Ancient Egypt: Medicine and Religion in Ancient Egypt // Religion Compass, 01.01.2007 г.
- ↑ Ghoneim, Mohammed M.; Eissa, Ibrahim. H.; Elsehemy, Islam A.; Mostafa, Ahmad E.; Hegazy, Mostafa M.; Afifi, Wael M.; Dou, Deqiang. Traditional ancient Egyptian medicine: A review // Saudi Journal of Biological Sciences, 01.10.2021 г.
- ↑ Sanchez, Gonzalo M.; Burridge, Alwyn L.. The Edwin Smith papyrus: a clinical reappraisal of the oldest known document on spinal injuries // European Spine Journal, 01.11.2010 г.
- ↑ Goodrich, James T.. The Edwin Smith Surgical Papyrus // Child’s Nervous System, 01.07.1999 г.
- ↑ Sfakianakis, Chrisanthos; Papathanasiou, Ioanna V.. Health care practices in ancient Greece: The Hippocratic ideal // Journal of Medical Ethics and History of Medicine, 15.03.2014 г.
- ↑ Skiadas, Panagiotis. Hippocrates: The Father of Spine Surgery // Spine, 01.07.1999 г.
- ↑ Bloom, David A.. Hippocrates and urology: The first surgical subspecialty // Urology, 01.07.1997 г.
- ↑ Pasipoularides, Ares. Galen, father of systematic medicine. An essay on the evolution of modern medicine and cardiology // International Journal of Cardiology, 01.03.2014 г.
- ↑ Ajita, Rajkumari. Galen and his contribution to anatomy: a review // Journal of Evolution of Medical and Dental Sciences, 28.03.2015 г.
- ↑ Pedacius Dioscorides // JAMA, 22.11.1965 г.
- ↑ Casu, L.; Leonti, M.. Back to the roots: A quantitative survey of herbal drugs in Dioscorides’ De Materia Medica (ex Matthioli, 1568) // Phytomedicine, 15.09.2016 г.
- ↑ Touwaide, Alain. Accuracy of Dioscorides,' De materia medica (First Century C.E.), Regarding Diuretic Activity of Plants // The Journal of Alternative and Complementary Medicine, 01.01.2019 г.
- ↑ Bottalico, Lucrezia; Charitos, Ioannis Alexandros. Greek Medicine Practice at Ancient Rome: The Physician Molecularist Asclepiades // Medicines, 01.12.2017 г.
- ↑ Nutton, Vivian. Galen and Roman Medicine: or can a Greek become a Latin? // European Review, 01.10.2012 г.
- ↑ Clements, Jacquelyn H.. The Empire’s Physician: Galen and Medicine in the Roman World and Reflections on Digital Exhibitions // American Journal of Archaeology, 01.01.2022 г.
- ↑ John Stewrat Milne, Surgical Instruments in Greek and Roman times. — Oxford: Clarendon Press, 1907.
- ↑ Hanson, Ann Roman Medicine. — Malden, MA, USA: Blackwell Publishing Ltd. — С. 492–523. — ISBN 978-0-470-99694-2
- ↑ Marshall, Anita Chen Traditional Chinese Medicine and Clinical Pharmacology. — Cham: Springer International Publishing. — С. 455–482. — ISBN 978-3-319-68864-0
- ↑ Zhou, Ping. Traditional Chinese Medicine // Combinatorial Chemistry & High Throughput Screening
- ↑ Liang, Xiaochun. Food therapy and medical diet therapy of Traditional Chinese Medicine // Clinical Nutrition Experimental, 01.04.2018 г.
- ↑ Machado, Jorge Pereira; Monteiro, Fernando Jorge; Greten, Henry Johannes. Understanding Traditional Chinese Medicine Therapeutics: An Overview of the Basics and Clinical Applications // Healthcare, 01.03.2021 г.
- ↑ Wong, Yin-Kwan; Liao, Fulong. What has traditional Chinese medicine delivered for modern medicine? // Expert Reviews in Molecular Medicine, 2018 г.
- 1 2 Williams, Leonard L.. A glimpse of Ayurveda – The forgotten history and principles of Indian traditional medicine // Journal of Traditional and Complementary Medicine, 01.01.2017 г.
- ↑ Bhavana, K. R.. Medical geography in Charaka Samhita // AYU (An international quarterly journal of research in Ayurveda), 01.10.2014 г.
- ↑ Bentur, Sumitra A.; Thakral, Sonika; Garg, Rahul; Duggal, Bhanu. The use of integrative therapy based on Yoga and Ayurveda in the treatment of a high-risk case of COVID-19/SARS-CoV-2 with multiple comorbidities: a case report // Journal of Medical Case Reports, 24.02.2021 г.
- ↑ Lindberg, David The Beginnings of Western Science. — University of Chicago Press. — ISBN 978-0-226-48231-6
- ↑ Prioreschi, Plinio A History of Medicine: Byzantine and Islamic medicine.. — Horatius Press.
- ↑ [The father of medicine, Avicenna, in our science and culture. Abu Ali ibn Sina (980–1037)] // Casopis Lekaru Ceskych. — 01.1980. — Т. 119. — № 1. — С. 17—23.
- ↑ Avicenna 980–1037. Hcs.osu.edu. Архіўная копія ад 07.10.2008 г.
- ↑ Al-Zahrawi – The Father of Surgery // ANZ Journal of Surgery. — 2007. — Т. 77. — № Suppl. 1. — С. A83. — DOI:10.1111/j.1445-2197.2007.04130_8.x
- ↑ Contributions of Muhadhdhab Al-Deen Al-Baghdadi to the progress of medicine and urology. A study and translations from his book Al-Mukhtar // Saudi Medical Journal. — 11.2006. — Т. 27. — № 11. — С. 1631—1641.
- ↑ Chairman’s Reflections: Traditional Medicine Among Gulf Arabs, Part II: Blood-letting // Heart Views. — 2004. — Т. 5. — № 2. — С. 74—85 [80].
- ↑ Neuroscience in Al Andalus and its influence on medieval scholastic medicine // Revista de Neurología. — 01.05.2002. — Т. 34. — № 9. — С. 877—892. — DOI:10.33588/rn.3409.2001382
- 1 2 Tschanz, David W. Arab(?) Roots of European Medicine // Heart Views. — 2003. — Т. 4. — № 2.
- ↑ Pormann, Peter E.; Savage-Smith, Emilie Medieval Islamic medicine. — Washington DC: Georgetown University, 2007. — С. 10, 43–45.
- ↑ Ganchy, Sally Islam and Science, Medicine, and Technology. — New York: Rosen Pub..
- 1 2 Elgood, Cyril A Medical History of Persia and The Eastern Caliphate. — London: Cambridge. — С. 202–203. — ISBN 978-1-108-01588-2
- ↑ Barrett, Peter Science and Theology Since Copernicus: The Search for Understanding. — Continuum International Publishing Group, 2004. — ISBN 978-0-567-08969-4
- ↑ Blainey, Geoffrey A Short History of Christianity. — Penguin Viking, 2011. — С. 214–215.
- ↑ Dols, Michael W. The Black Death in the Middle East. — Princeton, 1977. — С. 119, 285–290.
- ↑ Page through a virtual copy of Vesalius’s De Humanis Corporis Fabrica. Archive.nlm.nih.gov. Архіўная копія ад 11.10.2014 г.
- ↑ Brock Biology of Microorganisms. — Prentice Hall, 2006. — ISBN 978-0-13-144329-7
- ↑ Williams, Gareth Angel of Death. — Basingstoke: Palgrave Macmillan, 2010. — ISBN 978-0-230-27471-6
- ↑ Cooper, Peter Medicinal properties of body parts // The Pharmaceutical Journal. — 2004. — Т. 273. — № 7330. — С. 900—902.
- ↑ Discovery and resupply of pharmacologically active plant-derived natural products: A review // Biotechnology Advances. — 12.2015. — Т. 33. — № 8. — С. 1582—1614. — DOI:10.1016/j.biotechadv.2015.08.001