Назоўнік
Назо́ўнік — знамянальная (самастойная) часціна мовы, якая характарызуецца граматычным значэннем прадметнасці. Назоўнікі абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш.
Хоць мовы свету вельмі разнастайныя, у большасці з іх назоўнік мае наступныя граматычныя катэгорыі (у відавочным або прыхаваным выглядзе):
- Лік — самая распаўсюджаная катэгорыя. Большасць моў падзяляюць «адзін» і «многа» (адзіночны і множны лік), хоць спосабы выражэння могуць быць рознымі: канчаткі, артыклі або паўтор слова.
- Склон (ролевая маркіроўка) — катэгорыя, якая паказвае на ролю слова ў сказе (хто выконвае дзеянне, а на каго яно накіравана). У мовах без склонаў гэтую функцыю выконваюць прыназоўнікі і строгі парадак слоў.
- Вызначанасць / нявызначанасць — паказвае, ці знаёмы прадмет суразмоўцам. Часцей за ўсё выражаецца артыклямі або спецыяльнымі афіксамі.
- Род або іменны клас — групаванне слоў па катэгорыях (мужчынскі/жаночы, адушаўлёны/неадушаўлёны, чалавек/прадмет).
- Пасэсіўнасць (прыналежнасць) — выражэнне ўласнасці. У многіх мовах гэта не проста асобнае слова «мой», а адмысловае змяненне самога назоўніка (пры дапамозе суфіксаў ці прыставак).
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]Лексіка-граматычная класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]У беларускай мове назоўнік мае наступныя граматычныя катэгорыі:
- род — мужчынскі (горад), жаночы (вёска), ніякі (сяло);
- лік — адзіночны і множны (сад — сады);
- склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны.
Назоўнікі таксама бываюць агульнага роду (сірата), могуць ужываюцца толькі ў адзіночным (трысцё) або множным ліках (нетры). У дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку (дзве вярбе, дзве вядрэ) і клічнай формы (браце, сынку). Паводле склонавых форм падзяляюцца на тры тыпы скланення. Нешматлікія назоўнікі рознаскланяльныя (імя, дзіця) і нязменныя (таксі, калібры).
Паводле значэння назоўнікі падзяляюцца на:
- агульныя (горад, паэт) і ўласныя (Васіль, Свіцязь);
- канкрэтныя (стол, год) і абстрактныя (воля, слава);
- адушаўлёныя (чалавек, мыш) і неадушаўлёныя (вецер, мора);
- асабовыя (мужчына, патрыёт) і неасабовыя (неба, алень);
- зборныя (моладзь, крылле); рэчыўныя (лён, хлеб); адзінкавыя, або сінгулятывы (сняжынка, травіна).
Агульныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Агульныя назоўнікі з’яўляюцца назвамі цэлых класаў аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот, абстрактных паняццяў: кніга, дрэва, луг, рака, чалавек, звер, маўзер, джоуль, кюры, краязнаўцы, васількі. Большасць агульных назоўнікаў змяняецца па ліках: слон — сланы[1].
Уласныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Уласныя назоўнікі — індывідуальныя назвы людзей, жывёл, геаграфічных аб’ектаў, прадпрыемстваў, газет, часопісаў, мастацкіх твораў, гістарычных падзей, перыядаў, грамадска-палітычных з’яў, назвы магазінаў, розных устаноў, астранамічныя назвы, назвы марак і гатункаў вырабаў: Мікола, Купала, (верш) «Гусляр», Віхор, Вараны, Палессе, Нёман, Няміга, Зямля, Поўнач, Усход, (фабрыка) «Камунарка», (цукеркі) «Дуэт», (трактар) «Беларус», (тэлевізар) «Гарызонт», Рэнесанс. Уласныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца або ў форме адзіночнага (Мінск), або ў форме множнага (Баранавічы) ліку. Форму множнага ліку маюць уласныя назоўнікі, калі яны абазначаюць групу людзей: сям’я Альхоўскіх[2].
Канкрэтныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць пэўныя прадметы рэчаіснасці, з’явы прыроды, тыя ці іншыя падзеі, дзеянні, аб’екты, якія ўспрымаюцца як асобныя рэаліі і паддаюцца лічэнню: дом, стол, дрэва, возера, ноч, год, практыкаванне, заплыў, вылет, загад, указ, крок, бура, стачка, тактыка. Як правіла, канкрэтныя назоўнікі маюць формы адзіночнага і множнага лікаў (снег — снягі), спалучаюцца з колькаснымі і парадкавымі лічэбнікамі (тры яблыкі, пяты дзень)[2].
Абстрактныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Абстрактныя назоўнікі — словы, якія абазначаюць адцягненыя паняцці, якасці, уласцівасці, станы, адчуванні, псіхічныя працэсы: павага, любоў, гнеў, сорам, чуласць, слава, воля, гуманізм, энтузіязм, геройства, смеласць. Звычайна ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку, за выключэннем тых слоў, што маюць толькі форму множнага ліку: канікулы, абставіны і інш. Абстрактныя назоўнікі не спалучаюцца з лічэбнікамі, некаторыя спалучаюцца са словамі, якія маюць значэнне няпэўнай колькасці: шмат цярпення, столькі ўвагі[2].
Адушаўлёныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Адушаўлёныя назоўнікі — назвы і імёны людзей, жывёл, рыб, насякомых, а таксама міфічныя і дэманалагічныя найменні, якія функцыянуюць як назвы істот: аграном, арол, чараўнік, лясун, нябожчык, амёба, валет, слон, мішка, конік, сцярвятнік, ястрабок, дзяжурны, русалка, Алеся, Пярун. У адушаўлёных назоўніках форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з формай роднага склону множнага ліку: бачу птушак, насякомых — няма птушак, насякомых[2].
Неадушаўлёныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Неадушаўлёныя назоўнікі — назвы прадметаў нежывой прыроды, з’яў, падзей рэчаіснасці, рэчываў, дрэў і раслін, абстрактных паняццяў і іншыя: дрэва, камень, вецер, ноч, жыццё, звяр’ё, табун, полк, батальён, атрад, група, трупа, труп, рэнтген, наган, бактэрыя. У неадушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з формай назоўнага склону: бачу дрэвы, статкі, рэкі[2].
Асабовыя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Асабовыя назоўнікі — адушаўлёныя назоўнікі, што з’яўляюцца назвамі пэўных асоб: хлебароб, патрыёт, асілак, калега, запявала, мужчына, дзяўчына[1].
Неасабовыя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Неасабовыя назоўнікі — назоўнікі, якія служаць для абазначэння розных іншых істот, прадметаў і з’яў: лось, барсук, вавёрка, хвоя, неба, тундра[1].
Зборныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Зборныя назоўнікі абазначаюць прадметы ў іх непадзельным адзінстве, цэласнасці, сукупнасці: чалавецтва, люд, моладзь, дзятва, машкара, птаства, жарства, хвойнік, лазняк, галлё, крылле, карэнне, лісце. Маюць спецыфічныя словаўтваральныя суфіксы -ств- (-цтв-), -й-, -нік-, -няк-, -ур-, -ар-, -ін- (-ын-) і некаторыя іншыя. Да зборных звычайна адносяць і назоўнікі, значэнне зборнасці ў якіх выражаецца лексічна, а не словаўтваральна: посуд, мэбля. Зборныя назоўнікі ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку, не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі, маюць суадносныя аднакаранёвыя агульныя назоўнікі: дубняк — дуб, посуд — пасудзіна[2].
Рэчыўныя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Рэчыўныя (рэчыўна-зборныя) назоўнікі абазначаюць назвы пэўных рэчываў у іх раздзельнай множнасці ці сукупнасці, назвы харчовых прадуктаў, злакаў, траў, агародных культур, ягад, лекаў і прэпаратаў, карысных выкапняў, металаў, газаў, будаўнічых матэрыялаў, відаў тканін, прыродных з’яў: жалеза, вугаль, гравій, нафта, азот, порах, лён, драп, мёд, хлеб, вінаград[2].
Рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца толькі ў форме аднаго ліку, часцей за ўсё адзіночнага (малако, цукар), але некаторыя маюць форму множнага ліку (духі́, дрожджы). Рэчыўныя назоўнікі не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі; яны могуць спалучацца са словамі, якія маюць значэнне няпэўнай колькасці (многа, мала, шмат, багата, крышку, гурба і інш.), а таксама з назвамі адзінак меры, вагі і аб’ёму (многа аўса, шмат нафты, літр соку, кілаграм цукру). Рэчыўныя назоўнікі тыпу соль, вада, метал, віно, мазь, сталь, глеба і некаторыя іншыя ў пэўным кантэксце могуць мець форму множнага ліку. У такіх выпадках форму множнага ліку атрымлівае дадатковую семантычную нагрузку і абазначае тып, від, гатунак рэчыва: калійныя солі, сталовыя віны, мінеральныя воды, каштоўныя металы[2].
Адзінкавыя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Адзінкавыя назоўнікі (сінгулятывы) называюць адзінкавыя прадметы, вылучаныя з сукупнасці аднародных прадметаў або з масы аднароднага рэчыва: сняжынка, травіна, саломіна, пылінка. Такія назоўнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -ін- (-ын-), -інк- (-ынк-) ад некаторых зборных і рэчыўных назоўнікаў: гарошына, чаінка, пушынка[2].
Утварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Назоўнікі ўтвараюцца наступнымі спосабамі:
- афіксальны:
- суфіксальны: касец, паляшук;
- прэфіксальны: прыгарад, нядоля;
- прэфіксальна-суфіксальны: падпечак, пралеска;
- бязафіксны: кліч, сон;
- асноваскладанне: крыгаход, вадаспад;
- абрэвіяцыя: калгас, БДУ і інш.
Сінтаксічныя функцыі
[правіць | правіць зыходнік]Могуць уступаць у сэнсава-сінтаксічныя сувязі з іншымі словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 Назоўнік // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 371—373. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 176—179. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Назоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 128.
- Жыдовіч М. А. Назоўнік у беларускай мове. Ч.1. Адзіночны лік. Мн., 1969.
- Наркевіч А. І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976.
- Шуба П. П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
- Сямешка Л. І., Шкраба І. Р., Бадзевіч З. І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Назоўнік