Перайсці да зместу

Трылабіты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
 Трылабіты
Image
Акамянеласць трылабіта Megalaspides sp., ардовік, ЗША
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Trilobita Walch, 1771

Атрады
Геахраналогія
Image
Сістэматыка
на Віківідах
Image
Выявы
на Вікісховішчы
EOL  46544725
FW  19100; 103809

Трылабіты (Trilobita) — вымерлы клас марскіх членістаногіх, які меў вялікае значэнне для фаўны палеазойскіх утварэнняў Зямлі. Вядома звыш 10 тыс. выкапнёвых відаў і 5 тыс. родаў, якія аб’ядноўваюцца ў 150 сямействаў і 9-10 атрадаў.

Даўжыня цела трылабітаў даходзіла да 90 см. Цела складалася з суцэльнай галавы і сегментаванага тулава. Канечнасці трылабітаў мультыфункцыянальныя, гэта значыць выконвалі адразу некалькі функцый — рухальную, дыхальную і жавальную.

Трылабіты вонкава былі падобныя да сучасных мечахвостаў. Сама назва Trilobita азначае «трохчленістыя»: іх панцыр складаўся з трох секцый — цэнтральнай, або восевай, і дзвюх пляскатых бакавых па абодвух яе баках. Большасць трылабітаў мела шчытападобны галаўны аддзел, гнуткі торакс (сярэднюю частку) з сучлененых сегментаў і плоскі хвост, часцяком выцягнуты ў доўгі хваставы шып. Трапляюцца выкапнёвыя трылабіты, згорнутыя ў клубок, як макрыцы, — магчыма, так яны абараняліся ад драпежнікаў.

На кожным сегменце тулава трылабіта было па пары канечнасцей. Тыя з іх, што размяшчаліся каля рота, служылі шчупальнымі вусікамі. На іншых канечнасцях размяшчаліся пёрыстыя жабры для дыхання, плавальныя пласцінкі або ножкі для перамяшчэння і спецыяльныя атожылкі, з дапамогай якіх ежа перадавалася ўздоўж цела да ротавай адтуліны. Панцыр часта быў пакрыты баразёнкамі і выпукласцямі, якія раздзялялі яго на часткі. У некаторых трылабітаў панцыры былі пакрыты маленечкімі дзірачкамі — магчыма, у тых месцах, дзе першапачаткова раслі валасінкі, якія служылі органамі дотыку або смаку.

Як і ў іншых членістаногіх, у трылабітаў было цвёрдае вонкавае пакрыццё, якое ім перыядычна прыходзілася скідаць (як пры ліньцы), каб расці. Скінутыя трылабітамі шкуркі выдатна захоўваюцца ў скамянелым выглядзе. Аднак, каб «ліняць» было лягчэй, у панцырах меліся слабыя лініі, або швы. Пахаваныя пад пластом асадкаў панцыры трылабітаў, як правіла, расколваліся па гэтых лініях, так што ў цэлым выглядзе іх знаходзяць вельмі рэдка.

Марфалогія цела трылабітаў цалкам адпавядае арганізацыі тыпу членістаногіх, аднак у іх ёсць рысы падабенства з тыпам кольчатых чарвей (у прыватнасці, іх тулава складалася з мноства гаманомных сегментаў). Будова цела трылабітаў сведчыць аб прыстасаванасці да прыдоннага ладу жыцця: магутны панцыр, пляскатасць, складаныя вочы на верхнім боку цела, размяшчэнне рота і ног на брушным боку цела.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле адной з версій, продкам трылабітаў была спрыгіна — арганізм позняга пратэразоя даўжынёй каля 3 см.

Развіццё трылабітаў адбывалася з метамарфозам. Захаваліся іх выкапнёвыя яйкі і лічынкі. Захаваліся сведчанні таго, што трылабіты лінялі, прычым пасля кожнай лінькі іх тулава павялічвалася на некалькі сегментаў.

Сярод трылабітаў некаторыя групы сілкаваліся глеем, іншыя дробнымі беспазваночнымі, а некаторыя — планктонам. Многія трылабіты, верагодна, былі драпежнікамі, нягледзячы на адсутнасць сківіц. Для драбнення ежы ім служылі перайначаныя прыдаткі на пачатках канечнасцяў (гнатабазы). Сустракаліся свабоднаплаваючыя, паўзуновыя, а таксама рыйныя жывёлы.

Трылабіты былі сапраўднымі гаспадарамі кембрыйскіх мораў. Яны закопваліся ў тоўшчу асадкаў, поўзалі па марскім дне і плавалі ў верхніх пластах мора, працятых сонечным святлом. Многія з іх елі рэшткі мёртвых жывёл і дэтрыт, які назапашваўся ў донных асадках, аднак сустракаліся сярод іх і актыўныя драпежнікі. Некаторыя трылабіты, магчыма, палявалі нават на сваіх суродзічаў. Найбуйнейшыя з трылабітаў мелі даўжыню звыш 70 см, а самыя маленькія не дасягалі і сантыметра.

Пра тое, як перамяшчаліся трылабіты, можна даведацца, вывучаючы скамянелыя адбіткі — сляды, пакінутыя трылабітамі пры руху па дне. Прабіраючыся скрозь тоўшчу глею, яны пакідалі за сабой след, падобны на «ялінку». А калі трылабіты адпачывалі, у пародзе заставаліся меткі, якія нагадваюць сляды ад капытоў.

Трылабіты былі першымі вядомымі нам жывёламі з высокаразвітым зрокам. Магчыма, зрок дапамагаў ім своечасова заўважаць небяспечных драпежнікаў. Падобна вачам сучасных насякомых і ракападобных, фасеткавыя і агрэгатныя вочы трылабітаў складаліся з маленечкіх лінзаў, агульная колькасць якіх даходзіла да 15 000. Лінзы гэтыя аказаліся досыць трывалымі, каб захавацца ў выкапнёвым выглядзе. Памеры і формы вачэй трылабітаў былі надзвычай разнастайныя. Былі і ўвогуле сляпыя трылабіты — магчыма, таму, што жылі яны ў тоўшчы донных адкладанняў або на вялікіх глыбінях, дзе мала святла. У адных трылабітаў былі панарамныя вочы, якія давалі шырокі агляд. У іншых вочы размяшчаліся па баках галавы. У трэціх яны размяшчаліся каля самай патыліцы або нават тырчалі на сцяблінках, так што жывёлы, верагодна, маглі амаль цалкам закопвацца ў глей, але пры гэтым пільна сачыць за магчымай пагрозай або здабычай.

Свайго найвышэйшага росквіту трылабіты дасягнулі ў ардовікскі перыяд, аднак да канца палеазойскай эры, 225 млн гадоў таму, яны цалкам вымерлі. Малюскі і рыбы, якія бурна эвалюцыянавалі, навучыліся распраўляцца з імі, нягледзячы на іх панцыры. Да таго ж яны супернічалі з трылабітамі за харчовыя рэсурсы.