Перайсьці да зьместу

Японія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Японія
па-японску: 日本[1][2]
Image Image
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Кімі Га Ё
Image
Дата заснаваньня: 3 траўня 1947[3]
Афіцыйная мова: японская мова
Сталіца: Токіё
Форма кіраваньня: канстытуцыйная манархія
імпэратар Японіі[d]: Нарухіта
прэм’ер-міністар Японіі[d]: Санаэ Такаіці[d]
Заканадаўчы орган: Парлямэнт Японіі[d]
Выканаўчы орган: Кабінэт міністраў Японіі[d]
Плошча:
  • 377 972,28 км²
Насельніцтва:
Валюта: ена
СУП (2025)
па ППЗ: 6,758 трлн $[4]
па ППЗ на душу насельніцтва: 54 815 $[4]
намінальны: 4,230 трлн $[4]
намінальны на душу насельніцтва: 34 713 $[4]
Мэдыянны прыбытак: 34 822 $ і 557 655 ¥[5]
Індэкс дэмакратыі: 8,15[6]
Каэфіцыент Джыні: 32,9[7]
ІРЧП: 0,925[8]
Часавы пас: JST[d], Asia/Tokyo[d][9] і UTC+9
Аўтамабільны знак: J
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .jp
Тэлефонны код: +81
Image Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Япо́нія (па-японску: 日本, Ніхон ці Ніпон), афіцыйна Дзяржа́ва Япо́нія (па-японску: 日本国, Ніхон-коку ці Ніпон-коку) — астраўная дзяржава, разьмешчаная ў Ціхім акіяне, на ўсходзе ад Кітаю й Карэі. Разьмяшчаецца прыкладна на 4000 астравах у заходняй частцы Ціхага акіяна; ва ўсходніх ускраінах Азіі, ад якіх аддзеленая Ўсходне-Кітайскім, Японскім і Ахоцкім марамі. Плошча складае 377,9 тыс. км². Асноўная частка краіны разьмяшчаецца на чатырох галоўных астравох, выцягнутых з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, Японскага архіпэлягу: Хансю, Хакайда, Кюсю й Сікоку. Паміж астравамі Хансю, Кюсю й Сікоку знаходзіцца Ўнутранае Японскае мора. Краіна падзеленая на 47 прэфэктураў у васьмі рэгіёнах, Хакайда (прэфэктура) зьяўляецца самай паўночнай прэфэктурай, у той час як Акінава зьяўляецца самай паўднёвай прэфэктурай. Насельніцтва краіны складае 127 мільёнаў чалавек, што дазваляе Японіі месьціцца на дзясятым радку па колькасьці насельніцтва ў сьвеце. 98,5% агульнага насельніцтва складаюць этнічныя японцы. Каля 13,8 мільёнаў чалавек мешкаюць у Токіё[10], сталіцы краіны. Такійская аглямэрацыя зьяўляецца самай густанаселенай у сьвеце, дзе пражываюць больш за 38 млн чалавек[11].

Археалягічныя дасьледаваньні паказваюць, што Японія была заселеная яшчэ ў пэрыяд палеаліту. Першае пісьмовае згадваньне аб Японіі ў кітайскіх тэкстах узыходзіць да I стагодзьдзя да н. э. За пэрыядам вонкавых кантактаў зь іншымі рэгіёнамі, у асноўным Кітаем, рушыў пэрыяд ізаляцыі, асабліва з Заходняй Эўропай. З XII стагодзьдзя па 1868 год Японія кіравалася шматлікімі фэўдальнымі вайсковымі ўтварэньнямі на чале зь сёгунамі, якія кіравалі ад імя імпэратару. Японія ўступіла ў доўгі пэрыяд ізаляцыі ў пачатку XVII стагодзьдзя, які быў скончаны ў 1853 годзе, калі пад ціскам флёту Злучаных Штатаў Японія ўсё ж такі адкрылася Захаду. Пасьля таго, як амаль два дзесяцігодзьдзі ўнутранага канфлікту й паўстаньняў імпэратар аднавіў сваю палітычную ўладу ў краіне ў 1868 годзе, дзякуючы дапамозе некалькіх клянаў, была створаная Японская імпэрыя. У канцы XIX й пачатку XX стагодзьдзяў шэраг перамогаў у Першай кітайска-японскай вайне, Расейска-японскай вайне й Першай сусьветнай вайне дазволіў Японіі пашырыць сваю імпэрыю й выклікаў у краіне пэрыяд росту мілітарызму. Другая кітайска-японская вайны 1937 году сталася часткай Другой сусьветнай вайны, дзе Японія супрацьстаяла хаўрусьнікам у першую чаргу ЗША. Гэтая вайна скончылася капітуляцыяй Японіі ў канцы 1945 году. 3 траўня 1947 году была прынята дзейная японская канстытуцыя, паводле якой Японія захавала статус унітарнай парлямэнцкай канстытуцыйнай манархіі на чале з імпэратарам і выбарным заканадаўчым органам.

Японія здабывае вялікую выгаду з высокакваліфікаванай і адукаванай працоўнай сілы. Не зважаючы на тое, што Японія афіцыйна адмовілася ад свайго права аб’яўляць вайну, краіна мае сучаснае войска з восьмым паводле велічыні вайсковым бюджэтам у сьвеце[12]. Войска выкарыстоўваецца для самаабароны й міратворчых функцыяў, а ягоная моц ацэньваецца як чацьвёртая ў сьвеце[13]. Японія зьяўляецца высокаразьвітай краінай зь вельмі высокім узроўнем жыцьця й індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Насельніцтва мае высокую працягласьць жыцьця й трэці самы нізкі ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці ў сьвеце, але мае праблемы праз старэньне насельніцтва й нізкую нараджальнасьць. Японія славіцца сваім кіно, уплывовай музычнай індустрыяй, анімэ, відэагульнямі, багатай кухняй і сваім вялікім унёскам у навуку й разьвіцьцё сучасных тэхналёгіяў[14].

Японія зьяўляецца чальцом арганізацыяў ААН, АЭСіР, G7, G8 і G20, і лічыцца магутнай дзяржавай[15][16]. Ейная эканоміка зьяўляецца трэцяй у сьвеце паводле велічыні намінальнага СУП і чацьвёртай паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасьці. Акрамя таго, Японія ёсьць чацьвёртым паводле велічыні экспартэрам і чацьвёрты паводле велічыні імпартэрам.

Засяленьне Японскіх выспаў пачалося ў ІІІ стагодзьдзях да н. э. Пачаткова было засвоена раўніннае паўночнае ўзьбярэжжа выспы Кюсю. Пасьля засяленьне краіны пачало распаўсюджвацца пераважна на паўночны ўсход па ўзьбярэжных нізінах. На працягу доўгага часу асноўным раёнам засяроджваньня сацыяльна-культурнай і гаспадарчай актыўнасьці Японіі была паўднёва-заходняя частка краіны, якая выходзіла да Ўнутранага Японскага мора. У VII стагодзьдзі тут узьнікла першая дзяржава. У 710 годзе быў пабудаваны горад Нара — першая пастаянная сталіца. У 794—1868 гадах сталіцай краіны зьяўляюся горад Кіёта (Хэян). У 1542 годзе ў Японіі зьявіліся першыя эўрапейцы (партугальцы). У 1867—1868 гадах адбылася рэвалюцыя (рэстаўрацыя Мэйдзі), пасьля якой пачалося хуткае разьвіцьцё краіны. У 1875—1945 гадах у склад Японіі ўваходзілі Курыльскія выспы, якія пасьля Другой сусьветнай вайны былі далучаныя да СССР. У наш час Японія мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расеі, дабіваючыся вяртаньня паўднёвых Курылаў (выспаў Кунашыр, Шыкатан і Ітуруп). Да 1945 году Японіі належала выспа Тайвань і выспы Пэнхуледаа (з 1895 г.), Паўднёвы Сахалін (з 1905 г.) і Карэя (з 1910 г.).

Каля ¾ тэрыторыі Японіі займаюць узвышшы й горы, сярэдняя вышыня якіх складае 1600—1700 м, але схілы іх, звычайна, даволі крутыя, што ўскладняе іх гаспадарчае выкарыстаньне. Самы высокі пункт краіны — гара Фудзі (3776 м). Раўніны й нізіны прадстаўленыя, у асноўным, вузкімі стужкамі ўздоўж мораў і рэк. Узьбярэжная лінія значна парэзаная (асабліва на поўдні краіны). У мора адваёўваюцца новыя тэрыторыі для стварэньня штучных выспаў і ўзьбярэжных нізінаў. Штучнай стала ўжо траціна ўсіх марскіх берагоў краіны. Для Японіі характэрная высокая сэйсьмічная актыўнасьць (штогод адбываецца 1,5 тыс. землятрусаў рознай сілы), вульканізм (15 дзейнічаючых вульканаў), цунамі (Ціхаакіянскае ўзьбярэжжа выспаў Хансю й Хакайда. Штогод на тэрыторыю Японіі прыходзяць 15—30 тайфунаў (пераважна ўвосень).

Клімат на поўначы ўмераны (сярэдняя тэмпэратура студзеня −5 °С, чэрвеня +22 °С), на подні субтрапічны (адпаведна +6 °С і +27 °С), на выспах Р’юкю — трапічны (сярэдняя тэмпэратура студзеня +16 °С, чэрвеня +28 °С). Сярэднегадавая колькасьць ападкаў — каля 1800 мм, але на некаторых горных схілах, павернутых у бок Ціхага акіяна, штогод выпадае каля 3000 мм, а ў абароненых ад вятроў міжгорных катлавінах — 800—1200 мм.

Рэкаў шмат, але іх працягласьць невялікая. Самая доўгая рака — Сінана (367 км), знаходзіцца на высьпе Хансю. Азёры двух тыпаў: горныя (буйнейшае воз. Біва плошчай 675 км²) й лягунныя. Хваістыя й шырокалісныя лясы пакрываюць каля 67% тэрыторыі (у асноўным у гарах). Ральлёй занята прыкладна 12% тэрыторыі, пашы й сенакосы займаюць каля 2% плошчы Японіі. Для аховы навакольнага асяродзьдзя ў краіне ўтвораныя 28 нацыянальных паркаў, 55 «квазінацыянальных» паркаў і каля 300 прэфэктурных і муніцыпальных паркаў.

Image
Фатаздымак Японскіх астравоў зроблены з спадарожніка.

Японія — пераважна горная краіна зь перавагай нізкіх і сярэдневышынных гор, у асноўным субмэрыдыянальнага прасьціраньня. 3/4 схілаў маюць стромкасьць больш за 15° і настолькі моцна разьдзеленыя, што выключаныя з гаспадарчага карыстаньня. У ляндшафтах краіны пераважаюць вуглаватыя й завостраныя формы рэльефу, аднак на поўдні в. Хансю й на в. Кюсю рэльеф згладжаныя, яшчэ больш плыўныя абрысы маюць прыбярэжныя раёны выспы Хакайда. Самыя высокія й найбольш разьдзеленыя горы, Японскія Альпы, разьмешчаныя ў цэнтральнай частцы в. Хансю да захаду ад Токіё. Іх асобныя пікі перавышаюць 3000 м над узроўнем мора, а рачныя цясьніны ўразаюцца на глыбіню да 2 км.

Рэкі Японіі шматлікія, маюць кароткія, вельмі стромкія падоўжаныя профілі й несудаходныя. Самыя буйныя рэкі вельмі паўнаводныя, вада ў іх звычайна чыстая й празрыстая. У складзе цьвёрдага сьцёку пясчаны матэрыял рэзка пераважае над гліністым і глеістым. Тры самыя доўгія рэкі: Сінана на в. Хансю, працягласьцю 368 км, дрэнуе схілы Японскіх Альпаў і ўпадае ў Японскае мора; Ісікары (367 км), цячэ ў заходняй частцы в. Хакайда й таксама ўпадае ў Японскае мора; і Тонэ (322 км) на в. Хансю, цячэ праз раўніну Канто й упадае ў Такійскі заліў на ўзьбярэжжа Ціхага акіяна.

Раўніны займаюць ня больш 15% тэрыторыі Японіі і, як правіла, аблямоўваюць горы. У асноўным гэта невялікія па плошчы, шырынёй ад некалькіх да 150—160 км, прыбярэжныя алювіяльныя нізіны. Шматлікія зь іх прымеркаваныя да верхніх частак бухтаў і заліваў або, як на заходнім узьбярэжжы Хансю, прадстаўленыя эстуарнымі дэльтамі, абароненымі палосамі выдмаў. Найбольшую плошчу займаюць раўніны Канто вакол Токіё на ціхаакіянскім узьбярэжжы Хансю (12 950 км²); Ісікары на захадзе Хакайда (2100 км²); Этыго на заходнім узьбярэжжы паўночнага Хансю ў вусьці р. Сінана (1800 км²); Нобі вакол Нагоя на ціхаакіянскім узьбярэжжы Хансю (1800 км²); Кітакамі на поўнач ад Сэндай на ціхаакіянскім узьбярэжжы паўночнага Хансю (1200 км²); Сэтсю вакол Асакі ля ўсходняга ўскрайку Ўнутранага Японскага мора (1240 км²); Цукюсі вакол Курумэ на паўночным захадзе Кюсю (1190 км²).

Іншыя вучасткі раўнінаў прымеркаваныя да выцягнутых вузкіх міжгорных катлавін ва ўнутраных раёнах краіны, напрыклад на поўначы в. Хансю, і вакол азёрных западзінаў у цэнтральнай частцы той жа выспы, сярод якіх асабліва вылучаецца тэктанічная западзіна воз. Біва, самага буйнага прэснага возера Японіі. Невялікія нізіны сустракаюцца таксама ва ўнутраных раёнах Хакайда й Кюсю. Клімат Японіі вільготны, марскі. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі.

Image
Імпэратар Японіі Нарухіта займае пасаду з 2019 году.

Форма кіраваньня Японіі — парлямэнцкая манархія. Кіраўнік дзяржавы — імпэратар. Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністар, які выбіраецца парлямэнтам. У адміністрацыйным пляне Японія падзеленая на 47 прэфэктураў чатырох катэгорыяў: «то» (сталічная прэфэктура Токіё), «до» (губэрнатарства Хакайда, увайшло ў склад Японіі ў 1868 годзе), «фу» (гарадзкія прэфэктуры Кіёта й Осака) й «кан» (43 астатнія прэфэктуры). У сваю чаргу прэфэктуры дзеляцца на гарады («сі»), вёскі й сельскія грамады («маці»).

Замежныя дачыненьні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Image
Удзел прэм’ер-міністра Японіі Сігеру Ісіба на паседжаньні Групы сямі зь іншымі сусьветнымі лідэрамі.

Японія, якая ёсьць сябрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ад 1956 году, таксама ўваходзіць у Групу чатырох, якія імкнуцца да рэформы Рады Бясьпекі[17]. Японія ёсьць сябрам групы сямі, арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ды многіх іншых міжурадавых арганізацыяў[18]. Яна ёсьць пятым паводле велічыні ў сьвеце донарам дапамогі ў разьвіцьцю, ахвяраваўшы ў 2014 годзе 9,2 мільярдаў даляраў ЗША[19]. У 2024 годзе Японія мела чацьвертую паводле велічыні дыпляматычную сетку ў сьвеце[20]. Японія шырока ўважаецца за вялікую дзяржаву дзякуючы сваёй эканамічнай моцы ды палітычнаму, культурнаму і вайсковаму ўплыву[21][22].

Японія мае цесныя эканамічныя і вайсковыя сувязі з ЗША, зь якімі падтрымлівае альянс бясьпекі[23]. Злучаныя Штаты ёсьць буйным рынкам для японскага экспарту і асноўнай крыніцай японскага імпарту, акрамя таго ЗША імкнуцца абараняць краіну, маючы свае вайсковыя базы ў Японіі[23]. У 2016 годзе Японія абвесьціла аб бачаньні свабоднага і адкрытага Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, якое фармуе ейную рэгіянальную палітыку[24][25]. Японія таксама ёсьць удзельнікам Чатырохбаковага дыялёгу па бясьпецы, шматбаковага дыялёгу па бясьпецы, рэфармаванага ў 2017 годзе, накіраванага на абмежаваньне ўплыву Кітая ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, поруч з ЗША, Аўстраліяй і Індыяй[26].

Японія бярэ ўдзел у некалькіх тэрытарыяльных спрэчках з сваімі суседзямі. Яна аспрэчвае кантроль Расеі над паўднёвымі Курыльскімі астравамі, якія былі акупаваныя СССР у 1945 годзе[27]. Кантроль Рэспублікі Карэі над скаламі Ліянкур прызнаецца, але не прымаецца, бо на іх прэтэндуе Японія[28]. Стасункі Японіі з Кітаем характарызуюцца як глыбокімі эканамічнымі сувязямі, гэтак і напружанасьцю вакол Тайваня, бясьпекі і астравоў Сэнкаку[29][30].

Узброеныя сілы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Image
Эскадранны мінаносец марскіх сілаў арміі самаабароны Японіі.

Японія займае трэцяе месца сярод азіяцкіх краінаў у Глябальным індэксе міру за 2024 год[31]. У 2024 годзе яна выдаткавала 1,4% свайго агульнага ВУП на абаронны бюджэт і захавала дзясяты паводле велічыні вайсковы бюджэт у сьвеце[32]. Узброеныя сілы краіны, Сілы самаабароны Японіі (ССА), абмежаваныя артыкулам 9 Канстытуцыі Японіі, які адмаўляецца ад права Японіі аб’яўляць вайну або выкарыстоўваць вайсковую сілу ў міжнародных спрэчках[33]. Узброеныя сілы кіруюцца Міністэрствам абароны і перадусім складаюцца з сухаземных сілаў самаабароны Японіі, марскіх сілаў самаабароны Японіі і паветраных сілаў самаабароны Японіі. Разгортваньне войскаў у Іраку і Аўганістане стала першым замежным выкарыстаньнем узброеных сілаў краіны па Другой сусьветнай вайне[34].

Урад Японіі ў пачатку XXI стагодзьдзі робіць зьмены ў свой палітыцы бясьпекі, якія ўлучаюць стварэньне Рады нацыянальнай бясьпекі, прасоўваньне стратэгіі нацыянальнай бясьпекі і распрацоўку кіроўных прынцыпаў нацыянальнай праграмы абароны[35]. У 2015 годзе японскі парлямэнт ухваліў Заканадаўства аб міры і бясьпецы, якое дазваляе САА браць удзел у замежных канфліктах у «сытуацыі экзыстэнцыяльнага крызісу»[36]. У сьнежні 2022 году прэм’ер-міністар Фуміё Кісіда даручыў ураду павялічыць выдаткі на 65% да 2027 году[37]. Напружанасьць у дачыненьнях з Паўночнай Карэяй і Кітаем зноў абудзіла дыскусію аб статусе САА і іхныя сувязі зь японскім грамадзтвам[38][39].

Image
Такійская фондавая біржа ёсьць адной з самых вялікіх у Азіі.

Па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Японія ўжо адносіцца да постіндустрыяльнага грамадзтва. Нягледзячы на тое, што буйной галіной эканомікі застаецца прамысловасьць, вага невытворчага сэктару павялічваецца значна большымі тэмпамі (асабліва ў галіне фінансаў, сфэры паслугаў, навуковых дасьледаваньняў і распрацовак). Па велічыні СУП Японія саступае толькі ЗША й Кітаю. Сельская гаспадарка забясьпечвае 1,4% СУП, прамысловасьць — 26,4%, сфэра паслугаў — 72,1%. Карысных выкапняў у краіне вельмі мала й практычна ўсё паліва й сыравіна імпартуецца (па імпарце нафты Японія займае першае месца ў сьвеце). Існуюць толькі даволі значныя радовішчы серы й вапнякоў. Акрамя гэтага вядзецца нязначная здабыча каменнага вугалю, сьвінцовых рудаў і нафты (132 тыс. барэляў у дзень) й некаторых іншых карысных выкапняў, але іх здабыча скарачаецца з-за абмежаваных запасаў.

Image
Небасягі ў Осацы.

Да ліку асноўных галінаў прамысловасьці адносяцца энэргетыка. Японія займае трэцяе месца ў сьвеце па вытворчасьці электрычнасьці (зь якой 60% выпрацоўваецца на цеплавых электрастанцыях і 30% на атамных). Такім чынам Японія — адзін зь лідэраў у галіне атамнай энэргетыкі. Разьвіцьцё атрымала машынабудаваньне (у асноўным арыентаваная на экспарт масавая вытворчасьць караблёў і аўтамабіляў, радыёэлектроніка, сучаснае станкабудаваньне, авіяцыйна-касьімічная прамысловасьць, прыборабудаваньне), чорная й каляровая мэталюргія, хімічная, нафтаперапрацоўчая й харчовая прамысловасьці. Прамысловасьць Японіі вылучаецца высокім тэхналягічным узроўнем: у сьвеце налічваецца 720 тыс. прамысловых робатаў, зь якіх на долю Японіі прыходзіцца 410 тыс.

Сельская гаспадарка мае харчовую накіраванасьць. Нягледзячы на тое, што ўраджайнасьць сельскагаспадарчых культураў мае вельмі высокія паказчыкі, поўнасьцю краіна забясьпечвае сябе толькі рысам і вымушаная імпартаваць каля 50% іншых відаў зерневых і кармавых культураў. Значную ролю грае рыбная лоўля, а таксама аквакультура.

На 30 чэрвеня 2013 году дзяржаўны доўг Японіі ўпершыню перавысіў квадрыльён енаў. Агульная сума доўгу склала 1 008 628 100 000 000 енаў (звыш 10,3 трлн $), што больш як удвая перавышала сукупны ўнутраны прадукт (СУП) Японіі. Паводле суадносін дзяржаўнага доўгу да СУП Японія знаходзілася на 1-м месцы сярод разьвітых краінаў сьвету[40].

Колькасьць насельніцтва Японіі складае каля 127,4 млн чалавек. Японцы складаюць 99,3%. Сярод нацыянальных меншасьцяў болей за ўсіх карэйцаў (511,3 тыс. чалавек), кітайцаў (244,2 тыс.), бразыльцаў (182,2 тыс.) і філіпінцаў (89,9 тыс.). Галоўнай рэлігіяй зьяўляецца сінтаізм (нацыянальная рэлігія японцаў) і будызм (разам 84% насельніцтва). Гарадзкое насельніцтва складае каля 80%.

У Японіі ўнікальным чынам спалучаюцца традыцыі старажытнасьці з элемэнтамі сучаснае культуры. Сярод вядомых музычных гуртоў — Mucc і Dir en grey. Найбольш вядомая за мяжой страва японскай кухні — сусі.

  1. Kenkyūsha’s New Japanese-English Dictionary (яп.) — 4 — 研究社.
  2. (not translated to en-gb) Rules for compositors and readers at the University Press, Oxford, Hart's Rules: The Handbook of Style for Writers and Editors (брыт. анг.) / пад рэд. J. Murray, (not translated to en-gb)(untranslated), 2003.
  3. Central Intelligence Agency, Center N. F. A. The World Factbook (анг.)Washington, D.C.: Central Intelligence Agency, U.S. Government Printing Office, 1962. — ISSN 0277-1527; 1553-8133
  4. 1 2 3 4 https://www.imf.org/en/Publications/WEO/weo-database/2025/April/weo-report?c=158,&s=NGDPD,PPPGDP,NGDPDPC,PPPPC,&sy=2022&ey=2029&ssm=0&scsm=1&scc=0&ssd=1&ssc=0&sic=0&sort=country&ds=.&br=1 «World Economic Outlook Database, April 2025 Edition. (Japan)»]. International Monetary Fund.
  5. Статыстычнае бюро Японіі
  6. 2021 Democracy Index (анг.)EIU, 2022.
  7. https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  8. Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  9. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  10. «東京都の人口(推計». Tokyo Metropolitan Government Bureau of Statistics Department.
  11. «The World’s Cities in 2016». United Nations.
  12. «SIPRI Yearbook 2012-15 countries with the highest military expenditure in 2011». Sipri.org.
  13. «The End of Globalization or a more Multipolar World?». Credit Suisse AG.
  14. «WHO Life expectancy». World Health Organization.
  15. «The Seven Great Powers». American-Interest.
  16. T. V. Paul; James J. Wirtz; Michel Fortmann (2005). «„Great+power“ Balance of Power». United States of America: State University of New York Press, 2005. — С. 59, 282. — ISBN 978-0-7914-6401-4.
  17. Japan's Efforts at the United Nations (UN). Ministry of Foreign Affairs of Japan. Архіўная копія ад 02.2021 г.
  18.  Terada, Takashi A Pacific Nation. — Japan Center for International Exchange, 2011. — ISBN 978-4-88907-133-7
  19. Statistics from the Development Co-operation Report 2015. OECD. Архіўная копія ад 01.2019 г.
  20. Global Diplomacy Index – Country Rank. Lowy Institute. Архіўная копія ад 02.2019 г.
  21. Sterio, Milena The right to self-determination under international law: "selfistans", secession and the rule of the great powers. — Routledge. — ISBN 978-0-415-66818-7
  22. Paul, T.V.; Wirtz, James; Fortmann, Michel Balance of Power: Theory and Practice in the 21st century. — Stanford University Press. — ISBN 978-0-8047-5017-2
  23. 1 2 US Relations with Japan. US Department of State (01.2020). Архіўная копія ад 05.2019 г.
  24. Working Toward a Free and Open Indo-Pacific. Carnegie Endowment for International Peace. Архіўная копія ад 10.2020 г.
  25. Achieving the 'Free and Open Indo-Pacific (FOIP)' Vision: Japan Ministry of Defense's Approach. Japan Ministry of Defence. Архіўная копія ад 05.2024 г.
  26. Smith, Sheila A. (05.2021) The Quad in the Indo-Pacific: What to Know. Council on Foreign Relations. Архіўная копія ад 05.2023 г.
  27. Japanese Territory, Northern Territories. Ministry of Foreign Affairs (04.2014). Архіўная копія ад 06.2019 г.
  28. Japanese Territory, Takeshima. Ministry of Foreign Affairs (07.2014). Архіўная копія ад 06.2019 г.
  29. Fox, Senan The Senkaku Shoto/Diaoyu Islands and Okinotorishima disputes: Ideational and material influences // China Information. — 09.2016. — Т. 30. — № 3. — С. 312—333. — DOI:10.1177/0920203X16665778
  30. Mayger, James; Liu, Lucille. How Rare Earths Raise the Stakes in China-Japan Spat // Bloomberg News, 01.2026 г.
  31. 2024 Global Peace Index. Institute for Economics & Peace (06.2024).
  32. Trends in Military Expenditure 2024. Stockholm International Peace Research Institute (04.2025).
  33. Japan: Article 9 of the Constitution. Library of Congress (02.2006). Архіўная копія ад 11.2019 г.
  34. Teslik, Lee Hudson (04.2006) Japan and its military. Council on Foreign Relations. Архіўная копія ад 11.2020 г.
  35. Japan's Security Policy // Ministry of Foreign Affairs of Japan, 04.2016 г. Архіўная копія ад 01.2015 г.
  36. Kurosaki, Masahiro Japan's Evolving Position on the Use of Force in Collective Self-Defense // Lawfare. — 01.2023.
  37. Liff, Adam P. (05.2023) No, Japan is not planning to 'double its defense budget'. Brookings Institution. Архіўная копія ад 05.2023 г.
  38. Yoji, Koda. Japan: Dealing with North Korea’s Growing Missile Threat // The Diplomat, 09.2020 г. Архіўная копія ад 11.2020 г.
  39. China Provocations Hasten Japan's Military Revival. The Wall Street Journal (07.2020). Архіўная копія ад 11.2020 г.
  40. Японія павінна квадрыльён ен // Зьвязда : газэта. — 10 жніўня 2013. — № 148 (27513). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  • Аксёнова Л.А., Жидков М.П., Кайданова О.В., Конюшков Б.Д. Котляков В.М. Люри Д.И., Стрелецкий В.Н., Тархов В.А., Уткин А.И., Хропов А.Г. Страны мира. — М.: ОЛМА, 2009. — 320 с. — ISBN 978-5-373-02764-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]